"Хрыстос прызямліўся ў Гародні" - гэта нешта своеасаблівае, нават для творчасці Караткевіча. Калі ў яго іншых празаічных творах чытач знаходзіў філасофска-эстэтычнае асэнсаванне ўзаемаадносін Асобы і грамадства ў пэўны гістарычны час, нейкі своеасаблівы літаратурны злепак з гістарычнай матрыцы, то "Хрыстос…" вылучаецца паспяховай спробай мастацкага прачытання такога сусветна вядомага рэлігійна-духоўнага помніка, як Евангелле. Толькі талент Караткевіча, якому не падуладны правілы, прынцыпы, стрыманасць, толькі ён мог рашыцца на такую "звышзадачу"; толькі яму было пад сілу "сягаць у забароненае", за абсягі канкрэтнай рэчаіснасці, дзе пачынае ўладарыць дух, дзе гаворка ідзе аб незвычайным, крохкім, вельмі і вельмі далікатным". У выніку такога вось спалучэння фантазіі і рэальнасці, філасофіі і гісторыі, свецкага і рэлігійнага, зямнога і сакральнага і нарадзіўся нетрадыцыйны для беларускай літаратуры твор, нарадзілася "караткевічаўскае Евангелле" (В. Шынкарэнка).
Галоўны герой рамана Юрась Братчык (ён жа Гервасій Выліваха, ён жа Кала Бруньён, ён жа Тыль Уленшпігель) - гэта выключная асоба для той далёкай пары. Духоўны патэнцыял, душэўная актыўнасць, незвычайнасць паводзін гэтага чалавека вылучаюць яго сярод іншых. Мірскі шкаляр, для якога ў пачатку рамана вызначальным быў шлях авантурных прыгод, пад уздзеяннем сацыяльных абставін не толькі пачынае разумець сваю ролю ў жыцці народа, але і становіцца змагаром за яго шчасце. Спачатку бунтарства, а потым і спасціжэнне сутнасці свабоды, разуменне яе як найвялікшага зямнога шчасця, робяць Юрася ўпэўненым у сваіх дзеяннях, магутным і самаахвярным, здольным на рашучыя дзеянні, нават на самаахвярнасць, у імя свабоднага існавання простых людзей, якія жывуць побач з ім.
Усе вандраванні, прыгоды, "цудадзеянні" Братчыка-Хрыста не мелі б, на наш погляд, сэнсу, калі б побач з ім і яго апосталамі не было людзей з народа, не віравала жыццё ва ўсіх яго нягодах і радасцях. Менавіта народ стаў на шляху папскіх нунцыяў-лотраў, калі яны вялі гвалтоўнае акаталічванне беларусаў, менавіта простыя людзі, а не епіскапская гвардыя разбілі ўшчэнт атрады крымчакоў Марлора-хана, якія рабавалі беларускую зямлю, нарэшце, просты люд беларускі ўзняў паўстанне, захапіў Гародню і, хоць на некаторы час, зрабіў яе справядлівым горадам. Выпадковасць, падрыхтаваная голадам, нашэсцем, хцівасцю багатых і моцных, - зазначае У. Караткевіч, - зрабілася раптам заканамернасцю і прынесла праз некаторы час свой страшны, крывавы і велічны плён. Разуменне непарыўнай еднасці з народам выспявае ў Юрася Братчыка не адразу. Праходзіць пэўны час (ад выпадковай ролі Хрыста, часова дазволенай яму царквой, да вынашанага, асэнсаванага права быць мужыцкім богам), калі ён у размове з дамініканцам Басяцкім заявіць: "…Я галадаў іхнім голадам, і прагнуў, і мёрз, і памыляўся, і грашыў, і свят быў… Я не хачу быць ні з кім, акрамя гэтага народа, цяпер навекі майго. Я заслужыў гэтае права… Я гэта ўсё за іх… І калі яны - народ, то я - таксама. Вось апошняе слова" (VI, 376).
Аркадзь Русецкі. "УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ: ПРАЗ ГІСТОРЫЮ Ў СУЧАСНАСЦЬ. БЕЛАРУСКІ ВАЛЬТЭР СКОТ"
iнфармацыя з сайту www.uladzimir-karatkevich.com