Больше рецензий
26 января 2012 г. 20:49
82
3
Рецензия"Гэта я, назіральнік старонні за сваім уласным жыццём", — сцвярджае Аксана Данільчык, прадстаўніца так званага страчанага пакалення. Пакалення, якое ў момант свайго станаўлення заспела змену сацыяльна-палітычнага ладу. "Светапогляд не ёсць нязменная адзінка. У гэтым можна не сумнявацца", — піша Аксана Данільчык. А большасць яе равеснікаў, хто таксама мог бы пісаць, у літаратуру не прыйшлі. Зрэшты, і сама паэтка здраджвала творчасці з навукай: яна абараніла дысертацыю пра італьянскую і беларускую ваенную прозу.
"Я — легіянер на службе замежнай дзяржавы", — прызнаецца ў вершах аўтарка — і адразу выбудоўваецца масток да яе перакладчыцкай дзейнасці, да яе Італіі. І ў кнізе знаходзіць прытулак своеасаблівая анталогія італьянскай літаратуры — ад XVІІІ ст. да ХХ ст., якая завяршаецца тэкстам Дж. Катэлі "У бок Чарнобыля". І міжволі заўважаеш, як пераплятаюцца ўласная творчасць паэткі і яе перастварэнні з італьянскай мовы: у вершах шмат наваколля, прыроды, але рэчаіснасць выглядае постапакаліптычнай. І гераіня то трапляе ў камп’ютарны свет без людзей або ў сюррэалістычны лес, то бачыць напаўразбураны свет, які можна толькі запомніць перад тым, як страціць...
Яна прамаўляе ад імя свайго пакалення, якое разрываецца паміж двума супрацьлеглымі станамі: адсутнасцю і прысутнасцю. Лірычная гераіня хоча быць незаўважнай, прызнаючы ўласную бездапаможнасць: "Пакінем слабым іх слабасць"; адмаўляючыся ад гульні ў жыццё: "Звар'яцець — гэта значыць абараніцца"; таму што жыць — балюча: "Мае вершы праходзяць праз час непараненымі. У адрозненне ад мяне", таму што на цябе папросту не звяртаюць увагі: "Ты і я — абаронцы няздзейсненай нацыі, якая лічыць, што не мае ў нас патрэбы". І паэт разумее, што ён проста чалавек, а не валадар думак, як гэта было ў ранейшыя часы:
"Быць мастаком —
Не значыць ратавацца,
быць мастаком —
не значыць ратаваць.
Але не быць гэтае пакаленне ўжо таксама не можа: яны былі першымі, хто разгубіўся ва ўмовах суверэннай Беларусі, і першымі, хто ацаніў бонусы постсавецкага часу. Прайшлі гады, колішняя разгубленасць нівеліравалася, а генерацыя цяперашніх 40-гадовых, гатовая дзяліцца светаадчуваннем і досведам, вяртаецца ў літаратуру і грамадскую супольнасць, каб не разрываць ланцужок, каб бачыць і ствараць перспектыву, каб жыць: "Жыццё маё, якія таямніцы хаваюцца яшчэ ў тваіх далонях?"