Больше рецензий
24 августа 2018 г. 11:32
255
5
РецензияУвогуле аўтар такіх тэкстаў абавязкова павінен быў з’явіцца. Вакол столькі літаратурнага матэрыялу, раней невядомага, – акцыі пратэсту апазіцыі, пераслед актывістаў, турэмныя зняволенні, збіццё дэманстрантаў, падпольны супраціў – хтосьці мусіў гэты матэрыял скарыстаць у напісанні твораў. Цікава, што гэтым хтосьці стаў не мянчук, дзе перадусім гэтыя падзеі і адбываюцца, а гарадзенец. Праўда ягоны “паслужны спіс” апазіянера ўтрымлівае практычна ўсё, уключна з адбываннем турэмнага зняволення.
Аднак я б не назваў гэтыя апавяданні, якія разам ўтварылі кнігу “Самурай”, патрыятычнымі творамі пра герояў-змагароў. Змагары ёсць, але геройства асаблівага няма, няма і аптымізму адносна будучыні. Праўда, у апавяданні “Бывай, баця!” ўсе нібыта пазітыўна вырашылася – “рэжым памёр сам сабой, за адну ноч”. Але, “ “хто быў нічым”, так у гэтым стане і застаўся. Піраміда проста пасунулася на адно дзяленне. Замы сталі начальнікамі, замы замаў – першымі замамі і г.д." Само апавяданне як бы і тлумачыць, чаму так адбылося – бо людзі засталіся тыя самыя, з тым самым постсавецкім атавізмам. І як прыклад гэтых людзей – герой апавядання Бакланаў, пенсіянер-адстаўнік, нястомны змагар з “нацдэміяй”. Але так здарылася, што як раз тыя дні, калі рэжым абрынуўся, ветэран правёў у цяжкім стане ў бальнічнай палаце. Па выпісцы, дзеці вырашылі не паведамляць бацьку з хворым сэрцам пра надыход дэмакратыі. І вось аднойчы Бакланаў заўважае крамолу: нехта на пошту, якая знаходзіцца насупроць іхняй панэлькі, павесіў бел-чырвона-белы сцяг і ён правісеў цэлы дзень. Бакланаў у той жа вечар піша лісты-даносы ва ўсемагчымыя сілавыя інстанцыі. Сын Бакланава разумее, што калі неяк гэтае пытанне не развязаць, то бацька не перажыве. Ён угаворвае былога сябра сыграць ролю апазіцыянера, якога нібыта затрымліваюць за вывешванне сцяга, каб тое пабачыў бацька і супакіўся… Вось такі камічны сюжэт… і не вельмі аптымістычны адносна будучыні.
Ну і ясна, ўсё гэта мусіла неяк перагукацца з падзеямі ва Украіне. Такім перагукваннем стала апавяданне “Самурай”. Так завуць былога ветэрана Майдана і ўдзельніка АТО, які захапляецца фехтаваннем на японскіх катанах. Ён нібыта расчараваўся ва ўсім – і ва ўкраінскай рэвалюцыі, і ў змаганні за праўду, і нават у веры ў людзей. І раптам усё ў ім абуджаецца і ён зноў выходзіць на сцяжыну змагання. Сваю апошнюю.