Больше рецензий
20 ноября 2017 г. 01:16
774
4 ПОСТМАДЭРНІЗМ ПА-БЕЛАРУСКУ
РецензияСучасны чалавек настолькі паглыблены ў медыа, што з часам у яго не застаецца ніякіх расповядаў, акрамя вычытаных у медыа. Яся маўчыць, зразумеўшы, што і гэта фраза прыйшла аднекуль з позняга Пялевіна
Віктар Марціновіч - яркі прадстаўнік беларускага постмадэрнізму, якому ўласціва інтэртэкстуальнасць. Постмадэрніст В. Марціновіч спасылаецца на цёску-постмадэрніста В. Пялевіна і гэта новая прыступка ў айчыннай літаратуры, што б ні казалі закасцянелыя крытыкі. Сцёб с тэлебачання таксама сустракаецца ў кнігах Пялевіна, калі ў "Пакаленні П" у кадры з'яўляюцца не людзі, а сімулятары ці нешта накшталт таго.
З усіх бакоў стракочуць дыктары тэленавін, якія наперабой прадаюць апакаліпсіс. Іх імгненна стала вельмі шмат, бо ўсе людзі навокал уключылі праграмы навін.
Пры першым прачытанні мне падалося, што гэта меладраматычная гісторыя толькі з частковымі ўкрапінамі постмадэрнізму, але цяпер разумею, што ўся гэта гісторыя пародыя на папсовасць сучаснага грамадства.
Пры першым прачытанні я атрымліваў асалоду ад апісання роднага горада:
Яся накіроўваецца ўніз па Партызанскім міма Рэсорнага завода, міма закінутай базы, пра якую мясцовыя жыхары распавядаюць байкі, што пры Савецкім Саюзе тут захоўвалася ядзерная зброя, міма "Планеты Піццы", у якой клапатлівыя мамашы адкормліваюць "капрычозамі" і "маргарытамі" дэмбельнуўшыхся для кароткага спаткання з роднымі навабранцаў з другой ваеннай базы, яшчэ пакуль не да канца закінутай.
Цікава, што Мінск паўстае ў рамане гістарычным і сучасным адначасова:
Яна ідзе міма гатэля "Турыст" і ўнівермага "Беларусь", адзін позірк на якія можа паведаміць душы такую безвыходнасць позняй БССР, што адразу становіцца зразумелым, чаму разваліўся Савок. Яна зварочвае да Парку Шарыкападшыпнікавага завода, у якім па восені завадскія пенсіянеры збіраюць не да канца вызрэлыя арэхі, а па вясне - беласнежныя ландышы, якія не да канца распусціліся.
Асалоду атрымліваеш і ад пазнавання месцаў, хоць яны і ў аздабленні марціновічаўскіх скепсісу і іроніі, якія пераходзяць у сарказм:
Праходзіць уздоўж трамвайных пуцей, міма Уральскай, настолькі застаўленай заводамі, што дыхаць тут немагчыма нават зараз, калі большая частка гэтых заводаў спынілася і чакае інвестара.
Але гэта ўражанні пасля першага прачытання. Цяпер у той жа сцэне з экскурсіяй па Мінску адчуваеш намёк на папсовасць і разумееш, што В. Марціновіч не проста варыць "мыла", а спрабуе данесці свае думкі як мага большаму колу спажыўцоў. Прыпраўляе ён драматычную гісторыю Ясі любімымі постмадэрністычнымі гульнямі з адсылкай, напрыклад, яшчэ на аднаго постмадэрніста Хорхе Луіса Борхеса:
Яся падае дакументы ў магістратуру па візуальных даследаваннях беларускага ўніверсітэта, воляй вавілонскай латарэі перанесенага ў Вільнюс.
Ці напрыклад, з алюзіяй на постмадэрніста Уладзіміра Набокава, калі галоўная гераіня на дрэве жаданняў чытае:
"Дзяўчынку!" Незразумела ці вывела гэта рука кабеты, якая пакуль не зрабіла УЗІ і не ведае пол плоду, ці можа быць, пастараўся Гумберт Гумберт, катэгарыяльна знудзіўшыся па Лаліце
Спадзяюся, я не памыляюся і аўтар наўмысна разбавіў сваё "мыла" гісторыямі пра Міндоўга, Барбару Радзівіл, Усяслава Чарадзея і іншых асоб, каб асноўная лінія згубілася і яе зараз было складана аднавіць у памяці. Папсовасць сюжэту не самае галоўнае ў гэтым рамане, як і блёкласць вобразаў персанажаў. Некаторыя з іх і цытуюць Ніцшэ, але гэта адзіная цытата якую развучыў герой-пікапер, а па-сутнасці ён такі ж бязмозглы магл як і іншыя. Чарговы постмадэрністычны раман В. Марціновіча варты прачытання (і як паказала мая практыка, не адзін раз), нягледзячы на пусты, на першы погляд, сюжэт і пустых персанажаў.
P.S. Цытаты прыводжу ва ўласным перакладзе з рускай мовы, на якой знайшоў кнігу, бо ў свой час не занатаваў іх з беларускамоўнага арыгінала, які чытаў першым.