Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

14 ноября 2017 г. 20:00

74

4

Калі хто хоча зазірнуць у мінулыя 90-ыя – такія светлыя і ў той самы час трагічныя, такія разняволеныя, але і безвыходна тужлівыя гады для Беларусі – дык ёсць надзейны спосаб – прачытаць кнігу Сяргея Астраўца “Каты Ёзафа Ратцынгера”. Асабліва гэта будзе цікава таму, хто пражыў тыя часы разам з газетаю “Наша Ніва”. Менавіта ў гэтым перыёдыку друкаваліся большасць тэкстаў з кнігі, пераважна гэта былі аператыўныя водгукі на самыя свежыя падзеі ў краіне.

Большасць гэтых тэкстаў я чытаў раней – нейкія памятаю выразна, нейкія амаль забыліся. У той час мне здавалася, што такая проза, якая будуецца практычна на газетным журналіцкім матэрыяле, не можа мець доўгага жыцця, што яна павінна хутка губляць актуальнасць – як журналісцкія артыкулы і рэпартажы. Аказалася, я памыляўся. Відавочна гэтую прозу ратуе прысутнасць ва ўсіх падзеях аўтара – ягоныя рэфлексіі, ацэнкі, думкі, учынкі. Прычым аўтар выкарыстоўвае для напісання сваіх тэкстаў усё што трапляе пад руку – пачутую інфармацыю з тэлевізара або радыё, атрыманыя емэйлы па электроннай пошце, прачытаныя надпісы на шыльдах і рэкламных шчытах, выпадковыя размовы на вуліцы і многае-многае іншае. У выніку атрымліваецца такі шматбаковы, аб’ёмны малюнак часу. Праўда, калі-некалі аўтар падае столькі інфармацыі, стварае такую панараму, што не хапае магчымасці ўнутранага зроку ўсю гэтую панараму пабачыць адным малюнкам. Але прынамсі настрой заўсёды ўлоўліваеш. Ён ствараецца нейкімі дэталямі – кубкам кавы, малюнкам надвор’я, нейкай дробнай падзеяй, колерамі прадметаў.

І яшчэ адметнасць прозы Астраўца – журналісцкі, тэлеграфны стыль. Кароткі сказ з трох-чатырох словаў. Да гэтага рытму апавядання трэба прызвычаіцца. Напачатку ён нават нэрвуе. Бо малюнкі-думкі вельмі хутка мільгацяць, як прывакзальныя будынкі маленькіх станцый за вакном хуткага цягніка.

Усё гэта разам і стварае адметнасць прозы Сяргея Астраўца. Выдатна ахарактэрызавала яго прозу журналістка Алена Раўбецкая: “Гэта хутчэй пазажанравая літаратура, сумесь эсэ і кароткага раману, зьлепкі рэчаіснасьці, кароткія кавалачкі жыцьця, калейдаскоп прадметаў і дзеянняў, намёкі на характары, гратэск. Гэткія малыя скульптурныя формы ў літаратуры”.

Варта дадаць, што гэта яшчэ і пульс Беларусі.