Больше рецензий
16 ноября 2014 г. 15:40
3K
4.5
Рецензия... нібы баяліся расплюхаць тое, што неслі у сабе.
Так і я. Мне нават не хочацца ні з кім абмяркоўваць раман, бо мне здаецца, што са словамі з маёй галавы выляціць нешта патаемнае, асабістае. Адначасова мне столькі ўсяго хочацца сказаць, што не ведаю з чаго пачаць. Ці то са значэння назвы, ці то з Алеся Загорскага, які захапіў маё сэрца на векі вечныя, а мо і з чаго іншага значнага, чаго ў творы вельмі багата.
Пачну з пачатку. Назва. Сам Караткевіч двойчы тлумачыць яе сэнс. Адзін раз праз словы маці Алеся Антаніды Загорскай:
А можа, мы не чуем? Можа, калі красуе жыта, яно адчувае тое, што і мы, кахаючы, і ў радасці хістаецца з канца ў канец і мяняе колер на лілаваты, бо ўбіраецца, і шуміць-шуміць само сабе. Ты ведаеш, што адчуваюць каласы пад сярпом? Толькі яны не могуць ні ўцячы, ні крычаць. Не дадзена ім. Ну і што? Нам паляцець таксама не дадзена. А мы, глушцы, кажам: можна, бо яны нямыя. І каласы нямыя, і звяры. А адсюль не так ужо далёка і да дзікіх людзей. Яны таксама нямыя, мармычуць невядома што. І мы іх, моцныя, бяром, як трусяня, ды – далонню за вушамі.
Другі раз праз словы самаго галалоўнага героя:
Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як травы пад сярпом тваім, грубая сіла. Ну што ж, калі твая “неабходнасць” не можа даць ім палёгкі, і волі, і шчасця тым лепей. Тады па сваёй “неабходнасці” яны стануць каласамі пад сярпом волі, радзімы, паўстання, бітвы, каласамі, якія памруць, магчыма, але памруць, каб вырасла новая рунь. Гэта будзе скора. Нядоўга чакаць.
Канешне ж назва звязана з галоўнай тэмай рамана - народ і ўлада. Дзеянне адбываецца ў сярэдзіне 19 стагоддзя, калі пытанне адмены прыгоннага права стаіць надзвычай востра. Аўтар робіць Алеся Загорскага, маладога шляхціча тым чалавекам, які здолее злучыць людзей разам і ісці побач з імі для дасягнення справядлівасці. У сувязі з гэтай ідэяй побач з Алесем Караткевіч малюе вобразы вядомых кожнаму беларусу асоб: Кастуся Каліноўскага, Тараса Шаўчэнку, Вінцэнта Дуніна-Марцынкевіча, Уладзіслава Сыракомлю, Адама Кіркора, Вінцэся Каратынскага, Станіслава Манюшку. Асабіста мне было вельмі цікава пабачыць гэтых значынх для гісторыі і культуры асоб жывымі, бо менавіта такімі яны атрымаліся ў аўтара. У звязцы з ідэямі паўстання, вызвалення Беларусі з вуснаў гэтых гістарычных асоб у творы гучыць праблема творцы і мастацтва.
Сучасныя пісакі таму і пішуць абы-як, без стылю, што перад імі каравая папера і чорт ведае якія пер’і: скрабуць ды рыпяць.
Значэнне твора "Каласы пад сярпом" яшчэ і ў тым, што ў ім незвычайна для савецкай эпохі паказаны вобразы шляхты. Караткевіч з вялікай павагай адносіцца да людзей, якія неслі ў народ культуру, навуку і асвету. Яго героі-шляхціцы моцныя і могуць перамагчы зло тады, калі яны разам з народам, абапіраюцца на яго падтрымку. У час, калі пісьменнік толькі ствараў раман, крытыкі прапанавалі яму зрабіць галоўным героям селяніна-бунтара Корчака і сканцэнтраваць увагу на сыцыяльных "нізах". Як добра, што ён не стаў нікога слухаць, бо тады кніга не заняла б пачэснае месца на паліцы кожнага сумленнага беларуса. Вогуле вобраз князя Алеся Загорскага стаў увасабленнем усяго таго, чым павінен валодаць больш-меньш сумленны чалавек: адказнасць за свае словы, адукаванасць, чэснасць, упэўненасць, разуменне пабудовы свету і прадбачанне шляхоў, якія могуць прывесці да шчасця не толькі сябе, але і блізкіх людзей.
Усе свае рысы, усе рысы людзей, якіх ён паважаў, ён прададчуваў у гэтым чалавеку. Вежа бачыў ва ўнуку самога сябе, толькі нязмерна палепшанага, і ганарыўся гэтым.
Словы Алеся можна разцягнуць на цытаты, што я і зрабіла.
Вось, скажам, славутыя цар-гармата і цар-звон... Гэта – пагарда да законаў прыроды і механікі, пагарда свядомая, пагарда ў імя царскага дурнога гонару, у імя варварскага імкнення здзіўляць усіх памерамі, велічынёй, вагою... Сотні людзей пакутуюць, здабываючы жалеза і медзь, задыхаючыся дымам ля формаў... І ўсё дзеля таго, каб гармата не страляла, а звон ляжаў на зямлі, не вытрымліваючы сваёй вагі, і не званіў...
Такія словы як мага дакладней ілюструюць жыццё і ў 21 стагоддзі.
Мне б заўсёды хацелася б кіравацца філасофіяй жыцця Алеся Загорскага, але для гэтага патрэбна трошкі больш упэўненасці і мужнасці, чым ёсць у мяне зараз.
Мне здаецца, калі я сцярплю, калі я зраблю выгляд, што не чую, – я сцярплю і большае, не пачую, калі народ пачне крычаць ад болю. Сцярплю, калі будуць пляваць на мяне і яго. Кожны падлец калі-небудзь рабіў першы крок да подласці. Я не хачу яго рабіць. Я не саступлю і цалі. Мяне не на тое нарадзілі.
Раман акрамя як глыбокімі і слушнымі думкамі вабіць чытача яшчэ і даволі рамантычным трохкутнікам Алесь - Майка - Гелена. Але гэтая лінія выглядае зусім не банальнай і не шаблоннай. Прыгожыя пасцельныя сцэны (што вогуле дзіўна для літаратуры 2-ой паловы 20 стагоддзя), непаразуменне і імкненне да асабістага шчасця - усё гэта выглядае натуральна. Таксама вельмі цікава было назіраць за жыццём навучэнцаў гімназіі і ўнверсітэта, за апісаннямі былу тагачасных людзей, прасачыць абычаі і традыцыі як дваранства так і простых людзей.
Таким чынам Уладзимір Караткевіч здолеў стварыць такі раман, дзе героі ацэньваюцца па сваіх учынках і справах, а не па сацыяльным статусе. У гэтым выразна выявілася сучаснасць твора - гуманістычнае стаўленне да чалавека, што актыўна сцвярджаў пісьменнік на працягу ўсёй сваёй творчасці. Асабіста я заклікаю ўсіх тых, хто пужаецца памера твора або на першы погляд сельска-гаспадарчай назвай, адкінуць свае прадузятасці і пазнаёміцца з вартым увагі мастацтвам, якое не пакіне нікога абыякавым.
P.S. Вельмі шкада, што твор так і не быў завершаны. Для поўнай карціны не хапае трэцяга раздзела, дзе б нам паказалі само паўстанне 1963 года і яго вынікі. Да пабачэння!
Комментарии
Дзякуй, паважаная ...o, за цудоўную рэцэнзію па двух прычынах! Першая, што вы зноў выказаліся пра асабістае, унутранае, хоць гэта тычыцца філасофскіх поглядаў, але гэта зроблена з пэўнай доляй самакрытыкі і шчыра. Другая, што вы выказалі мае думкі (наконт тых жа ажыўшых гістарычных постауцей - Дунін-Марцінкевіч шыкоўна прапісаны як рэальны вобраз), бо я так і не асмеліўся "выплеснуцца" рэцэнзіяй на любімы раман пакуль што і не хачу яго абмяркоўваць з кімсьці. Калі-небудзь абавязкова напішу, але пакуль што спынемся на абмеркаванні самой рэцэнзіі.
Шчыра кажучы, я ужо пашкадавала, што напісала нешта... Не атрымоўваецца ў словах выразіць сапраўдныя ўражанні ад твора. Караткевічскі антураж для мяне нешта большае, чым словы...
Ды ўсё правільна напісала! Залік)