Больше рецензий

4 февраля 2024 г. 17:14

332

4.5 Вясенні снег

Паглядзіце на назву. Пра што кніга? Пра вясну. Маладосць, напэўна. Пра снег? Снег вясной, што робіць? Растае. Што ж гэта за снег? Як ён растае? Што за ручаі заліваюць пасля зямлю?

Галоўны герой сын чалавека, за якога ўсё зрабіў бацька, але недастаткова ўсё, зрабіўся маркізам, зрабіўся прыбліжаным імператарскай сям’і, але не зрабіўся сапраўдным арыстакратам. Таму галоўнага героя Кіёакі аддаюць у дзядзькаванне наадварот, у графскую сям’ю, каб у ім выхавалі высакароднасць. Выхавалі? Як, наогул, выхоўваецца высакароднасць і што гэта такое? Штосьці на іерархічнай. Штосьці на снобскай. Штосьці пра маскі, як часта ў Місімы. Пра паводзіны, рухі, словы напаказ. Што падумаюць, як ўспрымуць? А затым яшчэ горш, калі гэта напаказ сабе. Калі так прызвычаіваішся, прапітваешся гэтай гульнёй, што падаецца быццам усе гуляюць. Не можаш слухаць сябе. Не можаш чуць сябе. Толькі працягваць і працягваць быць высакародным. Ненавідзець. Грэбаваць. Адштурхоўваць. Пакуль не давядзеш сябе да той мяжы, за якой пачынаецца нарэшце недазволенае. І кідаешся туды. Бо ўжо позна. Бо зрабіў усё, каб знішчыць усе магчымасці ісці, куды кліча сэрца. Бо адчуваеш чароўную радасць ад таго, што нічога не даб’ешся. Нарэшце. За межы гэтай лесвіцы. Не бачыш, што там, дзе для цябе няма выйсця для ўсіх вакол яшчэ ідзе нейкае жыццё.
У графскай сям’і маленькі Кіёакі знаёміцца з Сатока. І ён бы палюбіў яе, калі б не выхаванне, калі б не іерархія, калі б не знайшоў выйсце ў адмаўленні. Калі б не баяўся згубіць. А не баішся згубіць толькі тое, чаго ў цябе няма.
Сатока бачыла побач прыгожага хлопчыка, затым юнака. Бачыла, якімі вачыма ён глядзіць на яе, але нічога не робіць. Нічога не робіць. Нічога не робіць. Яго паводзіны – дзіцячы садок, на яе погляд. Яна ідзе на сустрач. Адзін крок і ён кідаецца прэч, за сцяну маўчання, за сцяну, каб ніякага дотыку, ніякага слова, каб далей, каб не побач, каб…Сонца прыходзіць і знішчае твой свет. Радасць. Вясна. Ты мог бы паспець усё зрабіць зімой. Ты мог бы ўсё зрабіць, калі б не гэта высакароднасць. Калі б не гэта агіда, непераноснасць правільнага, нармальнага, простага. Ты ж выключэнне. Зараз абдымаеш апошнія сняжынкі. Запаўняеш іх лёгкімі. І кроў ліецца з іх праз вусны, якім зусім нядаўна было так горача, калі снег быў першым, калі ён пачынаўся, калі ты не адмовіўся ад яго.
Побач з галоўным героем толькі Хонда, сябар, аднакласнік, яго супрацьлегласць і адначасова дапаўненне. Яны нават развіваюцца паралельна, выламваюцца паралельна са свайго кокана. Толькі ў гэтай гісторыі Хонда амаль назіральнік, а Кіёакі гвалтаўнік. Хонда працягне сваё падарожжа па тэтралогіі, а Кіёакі гвалтам застанецца з ім, як мінулагодні першы снег. Як сёлеташні вясенні.
Бацькі? Дарослыя? Яны зліліся са сваімі маскамі-функцыямі, яны гуляюць у гульню, у якой няма людзей. Толькі іерархічная лесвіца ў неба.
Няспешны расповед і структура дадаюць твору якасці. Напачатку захапляешся як аўтар раскрывае галоўнага героя, глыбока праз дэталі. А пасля раптоўна паварочваешся да героя спінай, бо ўсё гэта раскрыццё не апраўдывае паводзіны, не апраўдывае наступствы для іншых. А пасля быццам камера ад’язджае далей а Кіёакі і ён робіцца не цэнтральным, вялікім, значным, а дробяззю, дэталлю ў іншых руках, якая проста на нашых вачах спрабавала бунтаваць, адзіным знойдзеным спосабам.
І, магчыма, не ўсе засталіся такімі як былі.