Больше рецензий
9 декабря 2023 г. 21:20
741
4 Міхась Стральцоў - Загадка Багдановіча
РецензияМаксім Багдановіч за сваё кароткае жыццё пакінуў нам не толькі багатую спадчыну, але і шмат загадак. Разважаючы над імі, у 1967-1968 гадах Міхась Стральцоў, пісьменнік і літаратуразнавец, напісаў эсэ, якое так і назваў: "Загадка Багдановіча".
Гэта той выпадак, калі шырокая палітра эмоцый - не дзяжурны штамп, а канстатацыя факта. Твор пачынаецца наступным чынам: "Надзеі на папраўку амаль не было: ён гэта ведаў добра". І гэта толькі першы ўдар, бо ўжо праз некалькі старонак Стральцоў напіша, што за дзень да смерці Багдановіч папрасіў гаспадыню ялцінскага дома купіць свежых клубніц. А назаўтра яна зайшла ў пакой, убачыла амаль некранутыя ягады і апошні ліст паэта да бацькі ("Добры дзень, стары верабей. Маладому вераб'ю блага...") На гэтым месцы ёсць рызыка зараўці ўголас
Варта адзначыць, што эсэ Стральцова - не навуковае даследаванне, таму рэальныя факты ён дапаўняе мастацкімі дэталямі і ўласнымі развагамі. Што да апошніх, то ўражанні ад іх супярэчлівыя. З аднаго боку, некаторыя (напрыклад, пра шлях Багдановіча да беларушчыны) хочацца перачытваць па некалькі разоў. З другога, часам аўтар настолькі заглыбляецца ў абстрактныя роздумы, што выцягнуць для сябе штосьці канкрэтнае даволі складана.
Што мне дакладна не спадабалася, дык гэта адхіленні. Згадаўшы пэўную дэталь пра Максіма Багдановіча, аўтар прыводзіць аналогіі з жыцця і творчасці іншых асоб (Чэхава, Чарнышэўскага, Лермантава, Пушкіна, Мана і інш.) і, захоплены сваёй думкай, шматслоўна пра іх разважае. Дапускаю, што частка чытачоў такое ацэніць, аднак для мяне гэта нагадвае сітуацыю, калі сеў не ў той аўтобус. Ну і што, маўляў, на наступным перапынку выйду і сяду ў свой. Аднак прыпынку гэтага ўсё няма, а кіроўца імчыць цябе кудысьці, усё больш аддаляючы ад мэты. І калі Стральцоў (часам пад канец главы) ўсё ж вяртаўся да Багдановіча ці кагосці з блізкіх яму людзей, я з палёгкай выдыхаў: арыенцір знойдзены.
Усё пададзенае вышэй кампенсуецца тым, што эсэ напісана з непадробнай любоўю да Багдановіча як паэта і чалавека. Калі вы таксама любіце Багдановіча, то гэта твор для вас. А калі яшчэ не - тым болей.
АДЗНАКА: 8 з 10.