Больше рецензий

18 мая 2022 г. 19:11

93

5 Эстэтычны кайф

Пачну здалёк. Даўно чакаю выхаду трэцяй кнігі з адзінарожай серыі Надзеі Ясмінска. Яна ужо з'явілася ў продажы, але пакуль я дзюбай шчоўкала, увесь першы прывоз расхапалі. "Ну і Густы Лес з вамі," - сказала Маша і набыла "Сподачак для Цмока" таго ж аўтара, бо кніжка надта ж вабіць гэтым белым і ліловым, як такое можна не жадаць!

І вось, гудзе мая электрычка, грукочуць калёсы, імчацца вясновыя казкі за акном, а ў мяне бела-ліловы цуд у далонях лашчыцца, што кацяня: старонкі шчыльныя, гладзенькія, харошыя.

Гэта зусім кароценькая кніжачка, для самых маленькіх чытачоў. Але калі гэта мне перашкаджала атрымліваць асалоду ў свае 33!

Белыя-белыя старонкі з маленечкімі гісторыямі пра Юзіка-Гузіка і яго пачвару. Прыемная мова, жыццёвы і цёплы гумар, цудоўныя інструкцыі па прыняццю сваіх жахаў і жыццю ў ладзе з сабой, карысныя не толькі дашкалятам, але і бацькам, што будуць чытаць ім услых. А таксама просты, але шыкоўна ілюстраваны другарадны пасыл: на ўсе ў гэтым жыцці трэба паглядаць з розных бакоў. О, колькім дарослым сёння не хапае гэтай маленькай мудрасці!

Заўважце, усё гэта на 39 старонках, дзе малюнкаў болей, чым тэксту. Вось гэта шчыльнасць!

А якая цудоўная сувязь сэнсу і версткі! Калі праблема вялікая - то й літары будуць ВЯЛІКІЯ. Калі штосьці памяншаецца, то й літары будуць МЕНШаць. Калі бурбалкі па ўсім пакоі - то за імі раз ля ту цца і сло вы. Асалода.

Дарэчы, аб шыкоўным ілюстраванні. Мастачка Святлана Міхалап - неверагодная! Мяккая акварэль, тэкстура вільготнай паперы, утульнасць і пяшчотнасць. І такія дакладныя персанажы! Іх немагчыма бачыць іначай. Лёгкія, паветраныя постаці стылізаваных людзей. І, канечне ж, ён: Цмаказаўр! Ліловы!!! Велізарны. На ўсю кніжку! І цмаказюлечка, з якой ніяк не магу скончыць смяяцца. Гэта такі эстэтычны кайф, быццам заліваеш кіпнем лавандавую гарбату на белым-белым абрусе ў белым-белым кубку. Глядзіш, як лаванда аддае вадзе свой пах і колер. І п'е-е-е-е-еш.

Звычайна я не ўплываю на кніжны выбар сваіх дзяцей. Самастойныя людзі, самі маюць рацыю. Але вось гэтую прыгажосць малодшаму пакажу А можа - чым Цмок не жарціць - нават пачытаю ўслых.

P.S. Так і ведала пра шкарпэткі!
P.P.S. І пра зашафныя прасторы.
P.P.P.S. Файныя бутэрброды. Трэба паспрабаваць!