Больше рецензий
15 мая 2020 г. 21:20
468
4
РецензияЗборнік выйшаў у выдавецтве “Юнацтва”, а гэта значыць, што ён разлічаны для школьнай праграмы. То-бок, у зборнік адабраныя хрэстаматыйныя вершы Міхася Чарота, якія вывучаюцца ў школе і ВНУ. Укладанне кнігі зрабіў паэт Іван Рубін, а прадмову напісаў літаратуразнаўца Уладзімір Гніламёдаў. Кніга выйшла за савецкім часам, праўда, у 1986 годзе ужо пачыналася палітычная адліга, якая завершылася распадам СССР. Таму дзіўна, што ў прадмове нічога не сказана пра тое, што Міхась Чарот быў арыштаваны як удзельнік «контрарэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі» і расстраляны ў крывавую ноч ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. У кнізе таксама няма апошняга верша Чарота, які ён выдрапаў на сцяне турмы.
Я не чакаў
І не гадаў,
Бо жыў з адкрытаю душою,
Што стрэне лютая бяда,
Падружыць з допытам,
З турмою.
Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары, —
Кажу вам — я не вінаваты!
Увогуле з кнігі абсалютна не зразумела, чаму Чарот раптам стаў смяротным ворагам савецкай улады. Бадай, толькі Паўлюк Трус быў такім жа рэвалючыйна бурапенным і дэкларатыўным у вершах пра будаўніцтва новага сацыялістычнага жыцця ў Беларусі.
Нашу краіну, што звалі ўсе дзікай,
Зробім квяцістай, прыгожай!..
Працы далучым, дык будзе вялікай –
Ў свеце не знойдзем пахожай!
А паэма Чарота “Босыя на вогнішчы”, напісаная ў 1921 годзе, стала бадай галоўным беларускім літаратурным творам пра перамогі і надзеі Вялікага Кастрычніка.
Ну і варта адзначыць, што Міхась Чарот у 1919 годзе стаў адным з арганізатараў Беларускай камуністычнай арганізацыі ў часе польскай акупацыі, а праз год уступіў у кампартыю. І больш таго, ён увоходзіў у кіраўніцтва рэспублікі - з 1924 па 1931 год быў сябрам ЦВК БССР.
І толькі нядаўна пачала з’яўляцца інфармацыя, што Міхась Чарот быў прыхільнікам рэальнай, дзейснай беларусізацыі Беларусі і шмат для гэтага рабіў. Асабліва калі з’яўляўся рэдактарам газета “Савецкая Беларусь”.
І сёння, калі ў такім ракурсе перачытаць паэзію Міхася Чарота, дык адкрыецца яе зусім іншы змест.
Я шумлівы чарот, я мяцежны бунтар.
Я балота буджу гучным шумам.
У вадзе я жыву і абмыт дажджом хмар,
Але змоўкнуць не дам сваім струнам.
Уздыму дух людзей, прабуджу іх ад сну, --
Славу, будучнасць я ім прарочу…
Я, мяцежны бунтар, клічу жыцця вясну,
Клічу к працы свабоднай і творчай.