Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

19 ноября 2018 г. 17:14

267

4

Пра гэтага паэта напачатку 90-х мне расказаў паэт Алег Мінкін. Расказаў з захапленнем, цытаваў ягоныя вершы. У першай палове 80-х Мінкін жыў у Берасці, там пазнаёміўся з Міхасём Рудкоўскім і захапіўся ягонай паэзіяй. У 70-ыя гады Рудкоўскага называлі галоўным паэтам беларускага Палесся, першым, па-сапраўднаму прафесійным паэтам, які стала жыў і працаваў у Берасці.

Сёння ад той вядомасці, на жаль, мала што засталося. Хоць нібыта ёсць музей Міхася Рудкоўскага ў роднай для яго Востраўскай сярэдняй школе, што ў Ганцавіцкім раёне Берасцейшчыны. Ёсць нават дзве вуліцы, названыя яго імем, - у саміх Ганцавічах і ў роднай вёсцы Востраў. Ёсьць мемарыяльная шыльда ў Берасці на доме, у якім ён жыў. Але пісьменнік жыве перадусім у сваіх кнігах. Апошняя кніга Рудкоўскага “Гарынь” выйшла ў 1992 годзе. Дарэчы, сам Міхась Міхайлавіч гэтай кнігі так і не дачакаўся, бо пайшоў з жыцця 7 ліпеня 1991 года.

Наўрад ці ў Менску будуць рупіцца і імкнуцца захаваць творчую спадчыну паэта Берасцейшчыны, хутчэй гэта справа берасцейскіх літаратурных колаў. Бо да сёння так і не пабачыла свет кніга выбранай паэзіі Рудкоўскага.

Назвай апошняга паэтычнага зборніка “Гарынь” паэт як бы развітваўся са сваім любімым Палессем. У анатацыі да кнігі пазначана, што Гарынь – любімы палескі вобраз паэта, які сімвалізуе жыццёвую трываласць палешукоў, іх імкненне да прыроднай чысціні і прыгажосці.

Вершы Рудкоўскага адпавядаюць лепшым узорам беларускай паэзіі ХХ стагоддзя. А калі казаць пра паэтычную спадчыну Берасцейшчыны, то ён адзін з наймацнейшых паэтаў краю, сапраўдны класік. І менавіта ягоныя вучні Алесь Каско і Мікола Пракаповіч годна перанялі ад настаўніка творчую эстафету.

А ў самім вершы з назвай “Гарынь” паэт выказвае падзяку і родным мясцінам, і роднай рацэ, і жыццю, якое яго злучыла з усім гэтым.

Люблю цябе – і з прагаю шчаслівай
Прыму твой кожны, нават чорны, дзень.
Мне будзе блізкім ён, нібы дыханне,
Прайду яго гарачыню і стынь…
Над забыццём, над славай і ў расстанні
Гары, рака, гары, мая Гарынь!