Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

20 сентября 2017 г. 20:40

68

4

Аўтарства літаратурных твораў Сяргея Астраўца немагчыма зблытаць. Ён вынайшаў такі стыль, які пазнаецца з некалькіх першых сказах. Я б гэты стыль назваў плынню свядомасці – калі наратар проста апавядае, што бачыць і чуе, і агучвае свае рэфлексіі і думкі. У прынцыпе ў большасці апавяданняў Сяргея Астраўца няма ніякага сюжэту. Ёсць толькі скразная тэма, якую аўтар абмяркоўвае і асэнсоўвае ў тэксце. Магчыма такі стыль паўстаў пад уплывам журналістыкі, у якой Сяргей працуе ўсё сваё жыццё. Бо як раз у журналістыцы галоўнае - цікавая, істотная, актуальная тэма, пра якую аўтар хоча распавесці чытачу.

У большасці апавяданняў з кнігі “Саргасава мора” наратар мае і імя, дакладней прозвішча – Акінчыц. І шмат па чым у ім пазнаецца аўтар. І тое, што ён журналіст, і тое, што жыве пры польска-беларускай мяжы. У апавяданні “Анабіёз” аўтар нават апісвае, як ездзіў на мяжу, каб зрабіць рэпартаж. Іншая справа, у сваіх апавяданнях аўтар татальна пазбягае беларускай канкрэтыкі - рэальных імёнаў, геаграфічных назваў, прывязкі да часу. У апавяданні “Гутэнберг” зразумела, што падзеі адбываюцца ў Празе, што Акінчыц збірае матэрыял пра беларускага першадрукара Францыска Скарыну, якога аўтар называе проста Янам. Таксама і ў апавяданні “Банальны краявід у рэштках прамення” зразумела, што гаворка ідзе пра мястэчка Свіслач і пра акцыю ўшанавання памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Але ў апавяданні ніводнай прывязкі. Не ведаю, ці слушна так робіць аўтар, бо для замежнага чытача, або малаадукаванага беларускага абсалютна не зразумела ў чым тут справа – чаму месцічы лаюць апошнімі словамі людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі, і ўвогуле што насамрэч тут адбываецца.

Апавяданне, якое дало назву ўсяму зборніку – “Саргасава мора” – гэта бадай што працяг загалоўнага аповеду “Гутэнберг”. Нават цытаты тут гучаць скарынаўскія - пра тое, што кожная рыба ведае віры свае. А з іншага боку апавяданне можна назваць экалагічным, бо ў ім вядзецца пра наступствы чалавечай дзейнасці, якая разбурае ўпарадкаваны лад на Зямлі – дакладней, пра пабудову на Нёмане Ковенскай ГЭС, што перакрыла шлях нёманскім вуграм у Саргасава мора на нераст. А што тут дзівіцца, так засёды і бывае – закрані адно – і пачынае сыпацца іншае. Гэта датычыцца не толькі вугроў, але і саміх беларусаў. Знікае мова, парушаецца ўсталяваны стагоддзямі лад – і сыплецца ўсё іншае – і эканоміка, і мараль, і грамадская еднасць. І чалавек забывае і пра віры свае, і пра ўсё іншае, бо проста пачынае выжываць, і ўсё дзівіцца і бядуе – у чым справа і чаму зноў і зноў шчасце абмінае гэты край?