Больше рецензий

Torvald5

Эксперт

Эксперт Лайвлиба

24 августа 2018 г. 14:29

305

5

Кніга гэтая незвычайная, хаця б таму, што яна ўпершыню пад адну вокладку аб’яднала эсэ празаіка, напісаныя ў розныя гады. У ранейшых ягоных кнігах друкавалася пераважна мастацкая проза. А як вядома, эсэ такі літаратурны жанр, дзе наратар непасрэдна атаясамляецца з аўтарам, то-бок галоўным героем эсэ з’яўляецца ўласна сам пісьменнік, і ў гэтых тэкстах ён дзеліцца развагамі, назіраннямі, адкрыццямі, высновамі і г.д. Дык вось, усе свае галоўныя развагі, назіранні, адкрыцці, высновы, за ўсе мінулыя гады, пісьменнік і выклаў у гэтых эсэ. У кнізе закранаюцца найбалючыя пытанні, з якімі аўтар сутыкаўся ў сваім жыцці – ад развагаў пра жыццё і смерць, да праблемаў беларускай мовы; ад уласнага разумення місіі літаратуры, да асэнсавання паняцця даравання; ад дзіцячых успамінаў, да апісання ўражанняў ад знамёства з іншымі краінамі – Італіяй і Швецыяй.

У пераважнай большасці твораў аўтар настолькі шчыры, што нават дзівішся такой шчырасцю. Напрыклад, у эсэ “Прымхі і прыхамаці” пісьменнік падрабязна апісвае свае забабоны. Некаторыя з іх падаюцца амаль дзіцячымі, пра некаторыя, здаецца, ніхто б публічна не прызнаўся б, напрыклад, аўтар вельмі баіцца замкнёнай прасторы і для яго вялікае выпрабаванне ехаць цягніком у купэ ноччу. У іншым эсэ “Я пешкі, мама!” Франц Сіўко балюча апісвае смерць маці, якая заўчасна пайшла з жыцця ад раку ў 56 гадоў, і настолькі шчыра, што прызнаецца, калі дазнаўся пра хваробу маці, практычна перастаў есці стравы ёю прыгатаваныя.

Мяне асабіста ўразілі яшчэ два эсэ – “Выспа Смерць” і “Сволач паводле Брэма”. У першым аўтар апісвае ўсе свае дачыненні са смерцю і пра тое, як разумелі смерць яго дзяды. У другім апавядае пра асаблівасці, прыкметы, формы дзейнасці і множнасці сволачы.

Большасць тэкстаў з гэтай кнігі я б назваў філасофскімі эсэ, яны, як па мне, вельмі блізкія да эсэ Валянціна Акудовіча. З чым можна павіншаваць аўтара. Прынамсі Валянцін Акудовіч, які вельмі патрабавальна ставіцца да вызначэння гэтага жанру, дакладна пагодзіцца, што гэта сапраўды эсэ.