Больше рецензий
15 июля 2018 г. 10:38
186
4
РецензияУжо не толькі мной заўважана, што самыя прыгожыя і чуллівыя кнігі пісьменнікі пішуць, калі згадваюць сваё дзяцінства. Кнігу Уладзіміра Сіўчыкава «Лісты да брата» і складаюць пераважна апавяданні пра дзяцінства і маладосць. Зборнік пачынаецца апавяданнем «Тры лілеі, лілеі тры...», у якім аўтар расказвае пра сваё першае школьнае каханне. Ён з настальгіяй згадвае прыгоды дзяцінства, пра тыя дні, калі бесклапотна бавіў час з сябрамі на вадасховішчы – купаліся, лавілі рыбу, каталіся на лодках. І марылі пра заўтрашні дзень, калі вырастуць і здзейсняць свае мары. У апавяданні «Тры лілеі, лілеі тры...» ёсць перанос у часе ў больш познія гады – калі былыя аднакласнікі сабраліся, каб адзначыць 10-годдзе свайго школьнага выпуску. Аўтар меў магчымасць яшчэ раз пераканацца, што вельмі часта, на жаль, мары не спраўджваюцца, а былыя жаданні застаюцца мройнымі аазісамі.
Другая палова кнігі складаецца з апавяданняў, у якіх аўтар апісвае свае вандроўкі. Уладзімір Сіўчыкаў з маладосці шмат вандраваў. У часе вучобы на філфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ён вывучаў грузінскую мову, стажыраваўся ў Грузіі. Вандраваў і па Еўропе, і нават па Афрыцы. У апавяданні «Камяні Карфагену, або Паўночная брама Афрыкі» аўтар апавядае пра сваю вандроўку, падрабязна апісвае, што бачыў у далёкім Тунісе – звычкі мясцовых людзей, тамтэйшыя краявіды, гармідар арабскіх базараў. Нават калі адпачывае, Сіўчыкаў не забываецца, што ён пісьменнік. Так нарадзілася апавяданне «Танкі па пляжы не ходзяць?» - аўтар апісвае дні ў Піцундзе ў Абхазіі, якія прыпалі на трывожныя падзеі 1992 года, калі разгараўся канфлікт паміж Грузіяй і Абхазіяй.
Але мне асабіста больш падабаюцца апавяданні аўтара пра дзяцінства. Я нават чакаю новую кнігу, якая б стала працягам зборніка «Лісты да брата». Надзею на гэта даюць апошнія сказы з апавядання «Тры лілеі, лілеі тры...»: «Ведаю, што зноў і зноў буду вяртацца ў горад, дзе пражыў не горшы свой час. Бо ніколі не змагу забыцца на школьныя гады, ніколі не змагу забыцца на першае каханне».